ПА́ДЗЕВЫ МЁД,

салодкая густая клейкая вадкасць, у якую пчолы ператвараюць мядовую расу і падзь. Колер ад светла-бурштынавага (з піхты і некат. інш.) да амаль чорнага (з лісцевых дрэў і елак); мае слабы водар і непрыемны гаркаваты ці кіслы прысмак. Больш вязкі (у 2—3 разы) за кветачны мёд, мае менш вады (у сярэднім 16,7%) і інвертных цукроў — глюкозы і фруктозы (66,5%), больш алігацукрыдаў (у т.л. цукрозы 4%), дэкстрынаў (10,3%), азоцістых рэчываў (у т.л. бялковых 0,8%), мінер. і арган. кіслот. Часта змяшаны з кветачным мёдам. Таксічны для пчол, асабліва ў час зімоўкі (можа прыводзіць да гібелі цэлых сем’яў). Моцны інгібітар бактэрый. Для чалавека бясшкодны.

т. 11, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)